Еўрапейскі саюз заклікае беларускія ўлады забяспечыць захаванне правоў чалавека і асноўных свабод падчас парламенцкіх выбараў.
Пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель на просьбу БелаПАН пракаментаваць ход выбарчай кампаніі.
"ЕС уважліва сочыць за перадвыбарным перыядам і паўтарае свой заклік да беларускіх уладаў забяспечыць поўнае выкананне правоў чалавека і асноўных свабод да, падчас і пасля выбарчага цыклу, — сказаў Шубель. — Еўрапейскі саюз таксама заклікае стварыць і падтрымліваць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення грамадзянамі свайго права на ўдзел у дзяржаўных справах".
Ён падкрэсліў, што ЕС па-ранейшаму заклікае беларускія ўлады правесці "сур'ёзную рэформу выбарчага заканадаўства і працэсаў" у адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы. ЕС гатовы аказаць Беларусі падтрымку ў правядзенні такіх рэформ, дадаў кіраўнік прадстаўніцтва.
Паводле слоў Шубеля, Еўрасаюз таксама вітае запрашэнне БДІПЧ АБСЕ да назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. "Яго канчатковая справаздача будзе ўважліва разгледжана ЕС. Крокі, зробленыя Беларуссю на шляху да захавання ўсеагульных асноўных свабод, вяршэнства права і правоў чалавека, застаюцца ключавымі для фарміравання будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Еўрапейскі саюз прыхільнік бачання стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні для Беларусі на карысць яе грамадзян", — заявіў ён.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.