A+ A A-


З выбараў зняты апошні з лідэраў берасцейскіх пратэстаў У. Мароз

Оцените материал
(12 голосов)

Пратэсты ў Берасці настолькі напалохалі ўлады, што яны здымаюць кандыдата, не выбіраючы выразаў.



Сябра АГП Уладзімір Мароз вылучаўся па Брэсцкай-Памежнай акрузе №4 і быў адзіным з ініцыятыўнай групы праціўнікаў завода АКБ, хто прайшоў рэгістрацыю.

Аднак 1 лістапада акруговая камісія Брэсцкай-Памежнай акругі №4 вырашыла разгледзець нібыта выяўленыя парушэнні ў дзеяннях Уладзіміра Мароза і яго давераных асоб у перыяд агітацыі.

Фармальнай прэтэнзіяй была незавераная копія загаду аб прадстаўленні водпуску і тое, што кандыдат падаў яе позна.

Аднак куды больш камісіі не спадабалася перадвыбарная праграма Уладзіміра Мароза, надрукаваная ў газеце «Зара над Бугам». У прыватнасці, фраза: «Мы сутыкнуліся з несправядлівым судом, міліцэйскім бязмежжам, бяздзейнасцю чыноўнікаў ...». Гэтыя словы камісія палічыла «інфармацыяй, якая ганьбіць гонар дзяржаўных органаў і судовай сістэмы». І «падрывае статус нашай дзяржавы», як зазначыла адна з удзельніц камісіі.

Яшчэ адна прэтэнзія тычылася таго, што ініцыятыўная група кандыдата размясціла ў сацыяльных сетках інфармацыю аб сустрэчы Уладзіміра Мароза з выбаршчыкамі, якая павінна была адбыцца 31 кастрычніка. Пра гэтую сустрэчу кандыдат не паведаміў камісіі за два дні, як таго патрабуе заканадаўства.

Таксама на пасяджэнні камісіі было абвешчана, што да яе звярнуліся некаторыя жыхары Берасця са скаргамі на распаўсюджаныя ўлёткі ад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Мароза, у якіх берасцейцаў запрашалі прыйсці 3 лістапада на мітынг у межах перадвыбарчага пікета. Фразу «Зменім карумпаваную ўладу», што была ва ўлётцы, камісія палічыла заклікам да змены ўлады. На што Уладзімір Мароз і прадстаўнікі яго ініцыятыўнай групы заявілі, што не распаўсюджвалі такія ўлёткі і лічаць гэта правакацыяй. Бо відавочна, гэта было зроблена для таго, каб кандыдату вынеслі папярэджанне.

Паводле выдання «Першы рэгіён», спрэчка паміж камісіяй і ініцыятыўнай групай Уладзіміра Мароза была вельмі эмацыйнай.

Напрыканцы з залы быў выдалены блогер Аляксандр Кабанаў, які вёў прамую трансляцыю пасяджэння на Youtube.

У выніку камісія праігнаравала меркаванні і аргументы ініцыятыўнай групы і адзінагалосна прагаласавала за адмену рэгістрацыі Уладзіміра Мароза кандыдатам у дэпутаты.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.