24 студзеня ў сталічным офісе АГП адбылася чарговая мазгавая атака ў фармаце кампаніі «Fair play – сумленная гульня».
Адметна, што з кожнай новай сустрэчай да кампаніі дадаюцца новыя ўдзельнікі. Кола пашыраецца: у працы бяруць удзел палітыкі, праваабаронцы, родныя і блізкія палітычных вязняў, скрадзеных палітыкаў.
Пра вынікі сустрэчы сайту ucpb.org распавёў лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
«Сёння было прынятае рашэнне выпрацаваць супольны зварот да міжнароднай супольнасці і неабыякавых людзей у Беларусі, у якім было б тлумачэнне, у чым сутнасць кампаніі «Fair play – сумленная гульня», а таксама змяшчаліся канкрэтныя прапановы, што трэба рабіць у бліжэйшай перспектыве, каб арганізаваць ціск на ўладу з мэтай вызвалення ўсіх палітычных вязняў.
Гэтаксама мы дамовіліся, што па пяці накірунках – моладзевыя арганізацыі, журналісцкая супольнасць, палітыкі, праваабаронцы, родныя і блізкія палітвязняў – будуць выпрацаваныя свае міні-планы дзеянняў. Яны і складуць супольны план, што трэба і неабходна рабіць».