Каля мэмарыяльнага комплексу Курапаты пад Менскам мае адкрыцца рэстаран «Паедзем, паядзім» — у межах забаўляльнага комплексу, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол». 30 траўня абаронцы Курапатаў правялі ў Менску экстраную нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“».
Курапаты і забаўляльны комплекс побач, студзень 2018 году
Адкрыцьцё рэстарану «Паедзем, паядзім» на месцы першапачатковага «Бульбаш-холу» заплянаванае на 1 чэрвеня. Калі да гэтага дойдзе, удзельнікі нарады ня выключаюць флэшмобу ў выглядзе імправізаванай інфармацыйнай кампаніі сярод наведнікаў — каб распавесьці, што ў гэтым месцы адбывалася 80 гадоў таму.
3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, заяўнікам якога выступіла Кансэрватыўна-хрысьцянская партыя БНФ. Ня выключана, што напярэдадні паблізу комплексу будзе разьбіты намётавы лягер. Севярынец паабяцаў, што «пагромаў і псаваньня маёмасьці» ня будзе, але трымаць абарону заклікаў да пераможнага канца.
Удзельнікі нарады вырашылі 31 траўня зьвярнуцца ў Менскі аблвыканкам, каб там афіцыйна патлумачылі, на якой падставе быў дадзены дазвол на дзейнасьць камэрцыйнай установы ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Таксама праз акрэдытаваныя дыппрадстаўніцтвы будзе праінфармаваная міжнародная супольнасьць.
Актывісты сфармавалі плян дзеяньняў на бліжэйшы час:
31 траўня
1.Збор а 10-й з Ганнай Шапуцькай каля аблвыканкаму, затым паход у Міністэрства культуры.
2. Збор а 20-й з Вольгай Мікалайчык каля Крыжа Пакутаў з тымі, хто гатовы ночыць ва ўрочышчы са зьнічамі.
1 чэрвеня
Агульны збор аб 11-й ля Крыжа Пакутаў і спроба патрапіць на адкрыцьцё рэстарацыі «Паедзем, паядзім».
2 чэрвеня
Папярэдне збор а 12-й ці 13-й і ўстаноўка намётаў.
3 чэрвеня
У прамежку з 13.00 да 16.00 адбудзецца афіцыйна дазволены мітынг-рэквіем КХП-БНФ.
4 чэрвеня
Збор аргкамітэту і выпрацоўка стратэгічнага пляну дзеяньняў.