A+ A A-


Грышын супраць Казлова

Оцените материал
(16 голосов)

Кандыдатамі ў дэпутаты Мінскага гарсавета па Старавіленскай выбарчай акрузе №41 зарэгістраваны алімпійскі чэмпіён па фрыстайле Аляксей Грышын і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў. 

Аляксей Грышын – праслаўлены спартсмен. У 2010 годзе выйграў алімпійскія гульні ў Ванкуверы, у 2002-м стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Солт-Лэйк-Сіці. Грышын – неаднаразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў і этапаў Кубка свету па фрыстайле. Пасля няўдалага выступлення на алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе Грышын прыняў рашэнне пакінуць вялікі спорт. Прычым ён увогуле адышоў ад спартыўнай дзейнасці і заняўся будаўнічым бізнесам.

Сёння Грышын – індывідуальны прадпрымальнік, у мінулым годзе пабудаваў у сталічным мікрараёне “Лябяжы” шматпавярховы жылы дом. Ён вядзе непублічны лад жыцця, амаль не дае інтэрв’ю. У адрозненне ад свайго саперніка па выбарах Мікалая Казлова, які неаднаразова прад’яўляў факты фальсіфікацый падчас выбарчых кампаній у Беларусі. Казлоў – актыўны ўдзельнік амаль усіх акцый, якія ладзяць у Беларусі прадстаўнікі апазіцыі. Палітыка добра ведаюць жыхары яго мікрараёна: гэтыя выбары не першыя, у якіх Мікалай Казлоў бярэ ўдзел.

 

– Аляксей Грышын – добры спартсмен, але я не бачу ў ім сур’ёзнага саперніка на выбарах, – кажа Мікалай Казлоў. – Я даволі шчыльна працаваў у раёне падчас збору подпісаў і толькі аднойчы перасёкся з абсалютна бязлюдным пікетам, які ладзіла ініцыятыўная група Грышына. Я не чуў ад выбаршчыкаў, каб Грышын хадзіў па кватэрах і збіраў подпісы. Пра грузчыка з крамы, які хоча балатавацца, чуў, а пра Грышына – не.

Мне складана сказаць, наколькі жыхары нашага раёна падтрымаюць кандыдатуру Аляксея Грышына. Спартсмен ён у мінулым, а цяпер развівае будаўнічы бізнес. Цэнтральны раён – стары раён, зараз востра стаіць пытанне аб яго ўшчыльненні. Людзі, напэўна, будуць асцерагацца, што Грышын, стаўшы дэпутатам гарсавета, будзе лабіраваць інтарэсы сваёй кампаніі... Акрамя таго, усе мы добра ведаем, у якой жывём краіне. Усе выдатна разумеюць, што без адміністрацыйнай падтрымкі наўрад спартсмен так хутка стаў бы паспяховым бізнесменам у будаўнічай галіне. Каму ў нашай краіне даюць лепшыя кавалкі пад забудову? Якому пачаткоўцу  дазволяць будаваць свой першы аб’ект на праспекце Пераможцаў?

Напэўна, спартсмен Грышын быў нядрэнны, але што тычыцца выбараў, то ў мяне ёсць усе падставы лічыць, што допінг у выглядзе адміністрацыйнага рэсурсу ён атрымлівае поўнай лыжкай. І ў мяне вялікія сумневы, што ён гатовы сумленна змагацца за месца ў гарсавеце. Пра яго “зацікаўленасць” у выбарах сведчыць той факт, што ўчора ні сам Грышын, ні яго прадстаўнік не явіліся ў акруговую камісію, каб атрымаць пасведчанне аб рэгістрацыі кандыдатам і ўзяць удзел у жараб’ёўцы выступленняў на радыё.

Дарэчы, па Старавіленскай выбарчай акрузе №41зарэгістравана 7 кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарсавета. У барацьбу ўступаюць таксама і прадстаўнікі дзяржаўных устаноў – намеснік галоўнага ўрача 4-й мінскай паліклінікі Алена Абдольванд, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізвыхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, сябра КПБ Уладзімір Антончык, начальнік упраўлення па рабоце з кадрамі “Белтэлекома” Міхаіл Лісаў. Сярод кандыдатаў акругі прадстаўнік ЛДПБ Іван Літвінюк і партыі “Справядлівы свет” Аляксандр Апарын.

Марыя ЭЙСМАНТ.

 

У ТЭМУ

Коваль ідзе ў дэпутаты

Кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета зарэгістраваны яшчэ адзін вядомы спартсмен – найлепшы хакеіст Беларусі 2012 года, экс-галкіпер зборнай Беларусі Віталь Коваль. Балатуецца ён ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі па  39-й Вяснянскай выбарчай акрузе. Адзін з яго канкурэнтаў – дырэктар гімназіі №16 Георгій Кушняроў. У гэтай гімназіі вучацца дзеці беларускіх топ-чыноўнікаў.


"Народная Воля"

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.