Камітэт па правах чалавека ААН на апошняй сесіі, якая прайшла ў Женеве 7-31 кастрыніка бягучага года прызнаў неаднаразовае парушэнне права на распаўсюд інфармацыі сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гомеля Уладзіміра Няпомняшчых.
Ад краіны патрабуюць аднавіць актывіста ў правах, кампенсаваць усе панесеныя выдаткі, а таксама змяніць нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах.
У першым выпадку падзеі тычацца маўклівай акцыі 2011 года, калі спадар Няпомняшчых разам з другімі на адной з плошчаў Гомеля пляскаў у ладкі, заклікаючы гараджан прыняць удзел у мірным сходзе ў выглядзе вулічнага шэсця. Яго абвінавацілі ў парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах, суддзя суду Чыгуначнага раёну Гомеля Ілля Свірыдаў пакараў актывіста буйным штрафам.
7 кастрычніка 2011 года Уладзімір Няпомняшчых распаўсюджваў сярод жыхароў Гомеля ўлеткі з заклікам да ўдзелу ў Народным Сходзе, які адбываўся з ініцыятывы мясцовых дэмакратаў дзеля абмеркавання сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Суддзя суду Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова таксама пакарала актывіста буйным штрафам.
Не знайшоўшы абароны сваіх правоў унутры краіны спадар Няпомняшчых паскардзіўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.