Заяўку на пікет 15 сакавіка, у дзень беларускай Канстытуцыі, накіраваў у Гомельскі гарвыканкам сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Эдуард Нелюбовіч.
«Паколькі ў заяўцы трэба пазначаць мэту, то я акрэсьліў яе так: пратэст супраць сыстэматычнага парушэньня чыноўнікамі гарвыканкаму правоў і свабод грамадзянаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі. Гэта асабліва тычыцца свабоды правядзеньня мірных сходаў і, як вынік, — свабоды выказваньня меркаваньняў», — кажа спадар Нелюбовіч.
Пікет з удзелам да 30 гараджанаў актывіст мае правесьці на вуліцы Савецкай, не бліжэй за 50 мэтраў да будынку гарвыканкаму, як патрабуе заканадаўства. Заяўнік мае намер выкарыстаць і адпаведныя лёзунгі.
Спадзеву на тое, што гарвыканкам пікет дазволіць, у Эдуарда мала, бо ўжо блізу дзесяці гадоў гарвыканкам не дазваляе дэмакратычным актывістам ані пікетаў, ані мітынгаў. У сьнежні ён забараніў таму ж Нелюбовічу правесьці шэсьце салідарнасьці з украінскім Эўрамайданам.