Гомельскія дэмакраты прапаноўваць уладам правесці сумесныя мірныя сходы ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.
Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Кацора і Васіль Палякоў звярнуліся 20 сакавіка да старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка з прапановай правесці мірныя сходы ў г.Гомелі і раённых цэнтрах вобласці.
Дадзеная ініцыятыва стала рэакцыяй на з’яўленне на некаторых расійскіх Інтэрнэт-рэсурсах інфармацыі, звязанай “з магчымым абвяшчэнне ў будучыні Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай Народных Рэспублік” (напрыклад, на рэсурсе sputnikipogrom.com), дзе ў якасці абгрунтавання прыводзяцца факты ўваходжання дадзеных тэрыторый да 1924-1926 гг. ў склад РСФСР.
Па меркаванню аўтараў звароту, менавіта такая аргументацыя выкарыстоўваецца ўладамі Расійскай Федэрацыі ў адносінах тэрыторыі Крыма, Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.
У адпаведнасці з артыкулам 9 Канстытцыі Рэспублікі Беларусь “Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная”.
У сувязі з гэтым аўтары звароту прапаноўваюць кіраўніцтву вобласці правесці сумесныя мірныя сходы ў падтрымку цэласнасці і непадзельнасці тэрыторыі Беларусі, арганізатарамі якіх змогуць выступіць дзяржаўныя органы і палітычныя партыі вобласці.
Гомельская арганізацыя АГП