A+ A A-


Беларуская эканоміка – 2020. Прагноз

Оцените материал
(15 голосов)

Навагоднія святы – час падводзіць вынікі і вызначацца з планамі на будучыню. Лепшыя адмыслоўцы АГП і Беларусі – вам у дапамогу.


Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, былы прэм’ер Міхаіл Чыгір і эканаміст Леў Марголін распавялі сайту ucpb.org, як, на іх думку, у 2020 годзе будзе складвацца сітуацыя ў беларускай эканоміцы.

Мы папрасілі іх адказаць на чатыры пытанні:

1. Як будуць складвацца эканамічныя стасункі Беларусі з Захадам?
2. Што нас чакае ў адносінах з Расеяй?
3. Якія перспектывы ў дзяржсектара і прыватнага бізнесу?
4. Ці будзе ўстойлівым курс беларускага рубля?

 

Станіслаў Багданкевіч

1. Эканамічныя адносіны з Захадам будуць на тым жа ўзроўні, як і ў гэтым годзе. Калі Беларусь не ўвойдзе ў склад Расейскай імперыі і захавае суверэнітэт, то я не бачу нейкіх новых праблем.

2. У 2020-м поўнага паглынання нас Расеяй не будзе. Але крок да страты суверэнітэту і незалежнасці краіны Лукашэнка зрабіў. Такім крокам сталі «дарожныя мапы», якія ўзгоднены. І гэтая тэндэнцыя, магчыма, будзе працягвацца пад націскам Расеі.

Я ж лічу, што нам не патрэбныя нейкія адзіныя падатковыя кодэксы і да т.п. У нас ёсць свая валюта, свой бюджэт, свая краіна. Беларуская эканоміка і краіна можа і павінна быць самастойнай. Чаму такой можа быць Фінляндыя, Польшча, Эстонія, а Беларусь не? Вядома ж, можа. Патрэбныя толькі палітычная воля кіраўніцтва краіны і воля народа.

3. Беларускі дзяржсектар знаходзіцца ў стагнацыі і, калі ўлада не зменіцца, наўрад ці з'явяцца і элементы росту. Гэта прагназуемая стагнацыя, і яна будзе працягвацца ў наступным годзе.

У прыватным бізнесе рэвалюцыі не будзе, але ў пэўнай меры прыватны бізнес жывучы. Нават ва ўмовах савецкага рэжыму ён дзесь ў ценявой эканоміцы квітнеў. Таму прыватны бізнес будзе развівацца. Але ў гэтым рэчышчы наш урад не выконвае ўласную праграму, бо ў Румаса няма праграмы. Ёсць праграма Лукашэнкі, закладзеная 20 гадоў таму. А значыць, крызіс і стагнацыя будуць працягвацца.

4. Ці будзе стабільным курс беларускага рубля? На гэтае пытанне цяжка адказаць. Калі Беларусь будзе па-ранейшаму  атрымліваць крэдыты ад Расеі ці МВФ, калі захаваюцца знешнія валютныя ўліванні ў нашу эканоміку, то стабільнасць рубля захаваецца. А калі не будзе чым плаціць па знешніх пазыках, попыт на валюту можа рэзка павялічыцца. Тады непазбежна дэвальвацыя.

 

Міхаіл Чыгір

1. Улічваючы праблемы ва ўзаемаадносінах з Расіяй, адносіны з Захадам будуць паляпшацца. Мы будзем вымушаныя гэта рабіць. Свядома і мэтанакіравана.

2. У 2020-м асаблівага прарыву ва ўзаемаадносінах з Расіяй не намячаецца. Гэта будуць млявацякучыя ўзаемаадносіны. Такія ж, як складаліся і раней.

3. Сусветная практыка даказвае, што прыватны бізнес развіваецца хутчэй, ён больш устойлівы. Таму, хочам мы таго ці не, вымушаныя будзем выкарыстоўваць аналіз падзей у свеце. Прыватны бізнес у 2020-м павінен атрымаць больш шырокае распаўсюджванне і развіццё.

Да таго ж развіццё прыватнага сектара значна цікавей, чым дзяржаўнага яшчэ з аднаго пункту гледжання.  Правальныя праекты ёсць і ў прыватным бізнесе, і ў дзяржсектары. Але ў дзяржаўным сектары яны сустракаюцца часцей і ў гэтым выпадку знікаюць грошы падаткаплацельшчыкаў, пакутуе бюджэт. У прыватным сектары страты нясе ў першую чаргу прыватнік, які дапусціў тыя ці іншыя памылкі.

4. Хацелася б, каб беларускі рубель быў устойлівым, але перадумоў для гэтага няма.

 

 

Леў Марголін

1. Пра сур'ёзныя эканамічныя адносіны з Захадам можна будзе казаць толькі ў тым выпадку, калі Беларусь нарэшце стане чальцом Сусветнай гандлёвай арганізацыі, перамовы з якой ідуць не хістка, не валка ўжо 25 гадоў. Пакуль можна казаць толькі пра знешні гандаль і асобныя спарадычныя інвестыцыі, якія выклікаюць не задавальненне, а хутчэй, ціхае здзіўленне: ёсць яшчэ гарачыя галовы і адважныя людзі.

2. Стасункі з Расеяй у 2020 годзе будуць характарызавацца знясільваючай паддывановай барацьбой, барацьбой нерваў паміж Пуціным і Лукашэнкам. Усё астатняе – не больш, чым імітацыя кіпучай дзейнасці, у тым ліку і з боку правіцеляў дзвюх краін. Чым яна скончыцца? Хутчэй за ўсё нічым, па меншай меры, у 2020 годзе.

3. Ні ў дзяржсектара, ні ў прыватнага бізнесу няма ніякіх перспектыў пры цяперашняй уладзе. Дзяржсектар будзе працягваць паступова чэзнуць, нягледзячы на ўсе новыя ашаламляльныя ідэі ўладаў у асобных сектарах ды рэгіёнах – на наступ па ўсіх франтах грошай ужо няма.

Прыватны сектар мае выдатную здольнасць выжываць, хоць яго пастаянна спрабуюць пахаваць, але казаць пра росквіт ці хаця б пра сур'ёзны прагрэс не выпадае. Гэта датычыць і IT-сектара. Па-першае таму, што ў яго ёсць натуральныя абмежавальнікі росту ў выглядзе недахопу людскіх рэсурсаў, па-другое, многія заўважылі, што нават кампаніі беларускага паходжання паспелі памяняць месца рэгістрацыі, што відавочна не сведчыць пра іх упэўненасць у заўтрашнім дні.

4. Беларускі рубель будзе досыць устойлівым да прэзідэнцкіх выбараў; я думаю Лукашэнка разумее да чаго прыводзіць напампоўка эканомікі пустымі грошамі, у рэшце рэшт, колькі можна наступаць на адны і тыя ж граблі. А вось пасля выбараў я не рэкамендаваў бы ўкладаць у беларускі рубель. У эканоміцы сабралася дастаткова дысбалансаў, якія рана ці позна дадуць пра сябе ведаць чарговым вітком інфляцыі і дэвальвацыі. Ускосна гэта пацвярджаецца валютнымі курсамі, закладзенымі ў бюджэт на наступны год. Калі сярэднегадавы курс даляра 2,24 рубля, то нескладаныя падлікі паказваюць, што ўлада разлічвае да канца года на курс 2,4-2,45. І гэта яшчэ не самы горшы варыянт. Тое ж датычыцца і курсу да еўра.

 

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.