A+ A A-


Іўе: паслявыбарчыя пачуцці

Оцените материал
(9 голосов)

Сядзіць варона на суку, у роце сыр. Унізе ліса бяжыць:
— Варона, ты на выбары пойдзеш?
— Не!
Сыр падае. Варона сядзіць і думае:
«А калі б я сказала «так», што-небудзь змянілася б?» 


Мае чацвёртыя выбары былі вельмі “стабільнымі”. Аніякіх сумневаў не было ў іх выніках. Не было таго здзіўлення і роспачы, якія былі ў 2008, 2010 і, нават, у 2012 гадах. Не здзіўлялі ўжо ні тыя 5 хвілін на агітацыю па нейкіх “таемных” для большасці насельніцтва каналах радыё, ні адказ праўладных кандыдатаў паўдзельнічаць у дэбатах або сумесных сустрэчах з выбаршчыкамі, ні наогул адносіны гэтых самых уладаў да неспадзяванкі ў выглядзе апазіцыйнага кандыдата, які нечакана зваліўся на іх галовы ў апошні дзень падачы заяў на рэгістрацыю.

Свае высновы і адчуванні ў час і пасля выбараў я аб’яднала ў чатыры пункты, мае чатыры паслявыбарчыя пачуцці.

1. Радасць. Так, была радасць. Але... не мая. Сапраўды, я бачыла радасць у вачах членаў выбарчай камісіі, калі яны дружна адзінагалосна прынялі рашэнне аб адмене рэгістрацыі за змест маіх перадвыбарчых матэрыялаў. Усё выканалі так, як трэба. Увогуле, і ўладзе дагадзілі, і без лішніх праблемаў абышлося. Радасць для іх была і тады, калі на наступны дзень выдавалі рашэнне камісіі мне на рукі, і тады, калі я вяртала пасведчанне кандыдата. Нарэшце яны адмучыліся і, што важна, амаль без эксцэсаў, усё прайшло ціха і незаўважна, праўда, калі не лічыць таго мітынгу, ці тых улётак, што прыйшліся ім не да спадобы. Адпрацавалі не горш, чым іншыя. Можа, нават, пахваляць. Радасць іх мне зразумелая. Ведаем мы адзін аднаго не першы год, і ў камісіі вось сусед мой – дзверы насупраць, і з суседняга пад’езду ёсць. Ну, не ваяваць жа нам! Адбылі яны сваё ў гэтай камісіі, а калі на наступны раз не возьмуць, то няхай у тых іншых галава баліць.

А вось адна мая вельмі даўняя калега сказала коратка і без каментарыяў: “Знялі цябе, бо пабаяліся, што пройдзеш”. Прыемна чуць, нават і радасць невялічкая. Не стала я яе пераконваць, што прайсці я ўвогуле не магу, бо гэта быў бы цуд на ўсю краіну. А цуды тут не патрэбныя, ёсць ужо.

2. Страх. Кажуць людзі: не палохай – і не будзеш баяцца сам. Як і ў кожнага кандыдата, у мяне таксама ёсць свае паклоннікі. І вядома, што яны кажуць мне добрыя словы, падбадзёрваюць. Але здзіўляе тое, што на першым плане ўпамінаецца рыса характару – смеласць. Непрыемна гэта і няправільна. Я дзейнічаю ў рамках Канстытуцыі сваёй краіны, якая гарантуе роўныя правы для ўсіх грамадзян, і смельчакі там ніяк не ўпамінаюцца.

Аднекуль з’явіліся і “добразычліўцы”: “А сыноў навошта на мітынг прывяла?”. Адказваю. Маюць амаль 18 і 17 гадоў – самі вырашылі пайсці. А ў БРСМ вырашылі не ўступаць, і не асмеліўся ніхто іх прымушаць. Шаноўныя “добразычліўцы”, адкажыце лепш, як атрымалася, што за гэтых амаль 18 гадоў мае дзеці так і не выехалі ніводнага разу за мяжу на аздараўленне, ў адрозненне ад дзяцей чыноўнікаў, якія праўдамі і няпраўдамі аб'ездзілі паўсвету (Іўе – тэрыторыя, пацярпелая ад Чарнобыльскай аварыі)? Але ж менавіта тут, у час выбараў, вылезла аднекуль “забота” і праявілася яна толькі ў тым, каб не хадзілі дзеці на местачковую плошчу і не слухалі, пра што гавораць на мітынгу, які, дарэчы, быў дазволены ўладамі. А можа “папярэджваць і палохаць” – гэта службовыя абавязкі “добразычліўцаў”, і за гэта ім плацяць?

3. Смутак. На наступны дзень пасля выбараў сустрэла сваю даўнюю знаёмую, шчыра абняліся. Слезы на вачах у нас абедзвюх. Год не бачыліся. Былая настаўніца беларускай мовы, вядомы ў раёне і за яго межамі чалавек, таленавіты і паважаны. Аднак, бяда: няма здароўя, няма сілы, ужо больш за 80, вочы не бачаць, вушы не чуюць. Дрэнна чытаць, дрэнна глядзець тэлевізар. Першыя словы прывітання, гэты чалавек шчыра рады мяне бачыць, ад душы словы ідуць:

- Якая ж ты малайчына! Але ж ўсё гэта не мае сэнсу, перамогі не можа быць – павер жыццёваму вопыту. Але ж ўсё роўна адмыслова, шкада, што на сустрэчу, на мітынг не змагла дайсці, цікава было б паслухаць.

Размаўляць трэба гучна, і таму я прапаноўваю:

- Я зайду да Вас. У самы бліжэйшы час. Мы ўсё абмяркуем. Добра?

І тут... На самай справе для мяне большай нечаканасці быць не магло, адказ збянтэжыў начыста:

- Не, не трэба, не прыходзь. Калі ласка, не заходзь, я прашу.

Разгубілася я, маўчу. Не вядаю, што сказаць. І чую далей:

- Не прыйдзеш, добра? Баюся я. Дзеці ў мяне, унукі. Баюся, што ім пашкодзіць.

Няма ў мяне слоў. Дзе мы жывем? Як тут наогул можна жыць? Як можна было застрашыць такога чалавека, які, я добра ведаю гэта, гаварыў праўду і ў кабінетах чыноўнікаў, і на сходах, і ў звычайнай размове, гаварыў шчыра і праўдзіва на любую тэму? Як скасабочыла нашу ўладу, што переўтварылася яна ў жахлівага монстра? Як так можна дакіравацца, каб лічыць, што заганяючы страх у людзей, можна дасягнуць поспехаў ў эканамічным і палітычным жыцці? Як можна забыць ці не ведаць з гісторыі, што на страху ўлада не трымаецца бясконца, фінал будзе абвязкова і, як правіла, ён будзе непрыемны.

4. Прадчуванне. Запалоханыя ўкраінскімі падзеямі ў трактоўцы беларускага і расейскага тэлебачання выбаршчыкі добра разумеюць бязглуздасць чарговых выбараў, аднак умешвацца ў працэс не маюць намеру. Абыякава тлумачаць і апраўдваюць карупцыю:

- Ну, няхай будуць і ў нашых кіраўнікоў-чыноўнікаў тыя батоны залатыя ці палацы шыкоўныя, абы было ціха, - гэта кажуць моцна ўголас, каб ўсе чулі такую пакорную кропку погляду, а ў думках (а калі няма паблізу падазроных, то і ўслых) дадаюць, - каб яны ўжо тым багаццем падавіліся!

Адгэтуль пытанні самі ведаеце да каго:

- Чуеце голас народны? Не? Лічаце, што ўсе добра застрашаныя і будуць маўчаць? А думкі чытаць умееце? Таксама не? А ці здагадваецеся, што думкі – матэрыяльныя? Не спазніцеся з высновамі.

 

Даведка 

Ірына Давідовіч - спікер АГП, кандыдат у дэпутаты падчас парламенцкіх (2012 г.) і мясцовых (2014 г.) выбараў. Сябра ініцыятыўных груп кандыдатаў АГП у прэзідэнцкіх (2010 г.) і парламенцкіх (2008 г.) выбарах. Сябра АГП з 2012 года. Нарадзілася ў 1964 годзе ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. У 1986 годзе скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці матэматыка і фізіка. Ад гэтага часу жыла і працавала ў родным раёне: спачатку 6 гадоў настаўнікам, пасля 2 гады - у сацыяльнай сферы, больш за 10 гадоў - у банкаўскай і 3,5 гады - у сферы культуры.

 

Другие материалы в этой категории: Как это было в Гродно 19 февраля »

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.